СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,

вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.

Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і. Fτ→ = −ma→τ і нармальную (цэнтрабежную) С.і. F→n = −ma→n , дзе m — маса часціцы, a→τ — тангенцыяльнае паскарэнне, a→n — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд ma→ад = F→ + F→пер + F→кар , дзе F→ — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу; F→пер = −ma→пер — пераносная С.і.; a→ад і a→пер — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), F→кар — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл. Эквівалентнасці прынцып).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)